Издательство «Беларусь»

"Беларусь" о Беларуси. История страны с 1921 года

Тел. +375 17 203 87 42
Тел. +375 17 203 93 23
Факс +375 17 203 89 51
belarusbook@tut.by

Минск, пр. Победителей, 11, этаж 7

   У гэтым годзе выдавецтва «Беларусь» выпусціла чарговую кнігу свайго пастаяннага аўтара   ̶ беларускага вучонага-мастацтвазнаўцы, этнолага, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Яўгена Міхайлавіча Сахуты   ̶ «Беларускі народны архітэктурны дэкор». Выданне расказвае аб дэкоры традыцыйнага, пераважна драўлянага, жылля беларусаў, гістарычных абставінах яго развіцця, эвалюцыі на працягу ХIХ—ХХ стагоддзяў, мастацкіх асаблівасцях, рэгіянальных і лакальных адметнасцях. Прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю з аўтарам кнігі.

              Яўген Міхайлавіч Сахута

  Добры дзень, Яўген Міхайлавіч! Віншуем Вас з выхадам кнігі! На яе  вокладцы мы бачым цікавыя фрагменты дэкору беларускага народнага жылля, а ў самім выданні іх сотні. Прыгадайце нам, калі ласка, што уяўляе сабой дэкор тыповай беларускай хаты? 

 — Калі гаварыць пра традыцыйнае жыллё беларусаў, скажам, стогадовай даўнасці, то нейкага адмысловага дэкору, як мы гэта звычайна разумеем, можна і не ўбачыць. Але нельга не звярнуць увагу на канструкцыйную логіку збудаванняў, гарманічнасць і прадуманасць аб’ёмаў, арыгінальнасць пластычнага вырашэння асобных дэталей і кампанентаў: стойкі, апоры, падкоса, кансолі, вуглавых выступаў, канцоў бэлек і інш. Гэта не толькі чыстая практычнасць, але і несумненная дэкаратыўнасць, хоць нашы продкі-будаўнікі на гэта наўрад ці звярталі ўвагу. А вось пазней, у сувязі з грамадска-эканамічнымі змяненнямі, з павелічэннем памераў жылля, сталі задумвацца. Разнастайныя дэкаратыўныя дэталі і цэлыя карункавыя кампазіцыі аздобілі вокны, шчыты, падстрэшкі, ганкі, нават брамы і весніцы агароджаў. А гэта ўжо яркае сведчанне заўсёднага імкнення чалавека аздобіць свой побыт.

      Дэкор жылля. Пералёўка Веткаўскага раёна. Ілюстрацыя з кнігі «Беларускі народны архітэктурны дэкор» Я. М. Сахуты

 У кнізе Вы гаворыце пра тое, што беларускі народны архітэктурны дэкор — практычна не даследаваны від народнай мастацкай творчасці. Чаму, на Ваш погляд, гэта з’ява традыцыйнага мастацтва раней не заўважалася даследчыкамі, а сёння патрабуе тэрміновай увагі?

  Прычын тут шмат. Думаецца, першая і галоўная – адносна позняе ажыўленне беларускай этнаграфічнай і мастацтвазнаўчай навукі. Традыцыйнай мастацкай культурай і яе набыткамі даследчыкі актыўна заняліся толькі недзе ў другой палове мінулага стагоддзя, пры гэтым першачарговую ўвагу звярнулі на тыя яе віды, якім пагражала хуткае знікненне – напрыклад, фальклор. А што хата? Прастаяла сто гадоў, ацалела ў вайну – пастаіць і яшчэ, ужо не кажучы пра пасляваенныя пабудовы. Але апошнім часам мы спахапіліся: нельга адкладваць! Вёска або занепадае, або інтэнсіўна перабудоўваецца, і ў тым, і ў другім выпадку традыцыйныя ўзоры народнага дойлідства разам з іх дэкорам знікаюць назаўсёды ці непазнавальна мяняюць свой выгляд. Тое, што мы яшчэ можам пабачыць сёння – заўтра ўжо не пабачым…

             Я. М. Сахута з удзельнікамі вясельнага абраду на фестывалі традыцыйнай культуры Палесся. Г. Пінск, 2012

 У кнігу «Беларускі народны архітэктурны дэкор» увайшлі матэрыялы, якія Вы збіралі болей за 40 гадоў Вашай навукова-даследчыцкай дзейнасці. Напэўна, Вы ездзілі ў экспедыцыі?

— У свой час экспедыцыйная дзейнасць у нашым акадэмічным інстытуце была вельмі актыўнай. Але, зноў жа, я спяшаўся даследаваць перш за ўсё тыя віды традыцыйных мастацкіх рамёстваў, якія занепадалі ці знікалі на вачах, хоць, вядома ж, адначасова фіксаваў і ўзоры архітэктурнага дэкору. Мне яшчэ пашчасціла пабачыць традыцыйныя палескія вёскі з чаротавымі стрэхамі. Эх, мець бы тады такую фотатэхніку, як сёння!..

   Асноўная ж частка матэрыялу сабрана ў апошняе дзесяцігоддзе. Праўда, з экспедыцыямі сёння праблематычна, даводзіцца выкарыстоўваць розныя іншыя магчымасці. Напрыклад, ад’язджаю электрычкай кіламетраў на сто-дзвесце ад сталіцы і бадзяюся дзень па бліжэйшых вёсках. Вядома ж, і ўспамінаў шмат, і розных здарэнняў хапала, і цікавых сустрэч – ці ж усе згадаеш? Галоўнае ж – асалода ад вандровак па розных мясцінах і паселішчах нашай Беларусі.

                                          У экспедыцыі на Віцебшчыне. 1984

 Яўген Міхайлавіч, ці знайшлі Вы самы «ідэальны» ўзор беларускай хаты падчас сваіх вандровак? Ці не яна гэта ў цэнтры вокладкі выдання? Раскажыце пра яе падрабязней...

— На вокладцы – проста адзін з узораў пасляваеннага жылля, які, на думку мастака, найлепш падыходзіў для «твару» выдання. У нейкім сэнсе яго можна лічыць «ідэальным» для пэўнага рэгіёна, у дадзеным выпадку Бабруйшчыны, у іншых жа кутках Беларусі ўзорнымі для мясцовага люду будуць лічыцца пабудовы хоць у цэлым і падобныя, але ўсё ж крыху іншыя – і па канструкцыі, і па характары дэкору.

—  Інфармацыя пра беларускі архітэктурны дэкор у Вашай кнізе падзелена па лакальных раёнах. Па якім прынцыпе Вы сістэматызавалі матэрыял? Наколькі цяжка гэта было зрабіць?

  Калі дэкор жылля на пэўнай тэрыторыі вызначаецца нейкімі характэрнымі, адметнымі, непаўторнымі мясцовымі рысамі – гэта і ёсць асноўная падстава для вылучэння лакальнага раёна. Маючы багаты ілюстрацыйны матэрыял, рабіць гэта няцяжка: групуй яго як хочаш. Але бывае і нялёгка: некаторыя адметнасці дэкору могуць фіксавацца толькі ў адным паселішчы, іншыя – сустракацца ў розных кутках Беларусі і нават за яе межамі. Так што на бясспрэчнасць прапанаванага раяніравання дэкору прэтэндаваць не збіраюся.

  Колькі працэнтаў назапашанага матэрыялу ўвайшло ў кнігу?

—   Недзе дзясятая частка. У час вандровак па даследчыцкай звычцы фіксуеш усё вартае ўвагі, бо заўтра гэта ўжо наўрад ці ўбачыш, а для выдання адбіраеш самае характэрнае.

                      

   Я. М. Сахута — старшыня журы на свяце-конкурсе ганчарства «Гліняны звон». Г. Івянец, 2019;  «Гліняны звон». Г. Івянец, 2017;  Я. М. Сахута ўручае дыплом удзельніцы свята-конкурсу глінянай цацкі «Салавейка» . Г. Віцебск, 2019

 У якіх кутках Беларусі можна пабачыць самыя незвычайныя хаты – як у канструкцыйных, так і ў дэкаратыўных адносінах?

  У адносінах да традыцыйнай культуры гаварыць пра незвычайнасць не выпадае: усё рабілася ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі і густамі, а яны ў кожным рэгіёне – звычайныя для мясцовага люду, адпрацаваныя і адшліфаваныя за многія стагоддзі. Незвычайнасць – з’ява апошняга часу, яе праявы адзінкавыя, нетрадыцыйныя. Напрыклад, давялося бачыць хату, ад падмурка да вільчыка аздобленую арнаментальнымі і сюжэтнымі кампазіцыямі з…  рознакаляровых закрутак ад пластыкавых бутэлек! Арыгінальны прыклад сучаснай народнай творчасці, але ж – нетрадыцыйны і ў кнігу, зразумела, не ўвайшоў.

 Скажыце, ці захаваліся яшчэ месцы ў Мінску, дзе можна пабачыць беларускія хаты з традыцыйным архітэктурным дэкорам?

— Яшчэ зусім нядаўна цэлыя кварталы драўлянага жылля з характэрным дэкорам можна было бачыць на Грушаўцы. Даволі цэласны ансамбль ацалеў у Паўночным завулку, асобныя цікавыя пабудовы трапляюцца ў розных кутках прыватнага сектара сталіцы, але іх колькасць змяншаецца на вачах. А шкада…

 Адзін з самых прыгожых элементаў дэкору беларускай хаты — гэта ажурныя ліштвы. Дзе ў нашай краіне можна знайсці самыя прыгожыя?

— Звычайнага аматара прыгажосці ў захапленне прывядуць, пэўна, ліштвы-кароны жылля на Веткаўшчыне ці ў Гомелі, дзе драўляным ажурам, ды яшчэ і расфарбаваным, яно можа быць укрыта цалкам. Для мяне ж прыгожымі могуць быць на першы погляд сціплыя, але дасканалыя ў канструкцыйна-дэкаратыўных адносінах ліштвы ў любым кутку нашага краю – скажам, на Браслаўшчыне або Піншчыне. Прыгажосць не абавязкова вызначаецца багаццем ажурнага дэкору.

 Як вядома, устаноўка на даху вільчыкагэта апошні штрых у завяршэнні будаўніцтва хаты. Раскажыце, якія самыя дзіўныя вільчыкі і дзе Вам прыходзілася бачыць... Ці сустракаюцца вільчыкі на хатах у іншых краінах?

— Вільчыкі – даволі папулярны кампанент традыцыйнага драўлянага жылля ў многіх народаў Еўропы, практычна ва ўсёй яе лясной зоне. На нашых тэрыторыях яшчэ да пачатку ХХ стагоддзя з імі звязваліся функцыі абярэга жылля, адсюль і вырашэнне іх у выглядзе каровіных рагоў, павернутых у процілеглыя бакі конскіх галоў, змяіных ці птушыных фігурак і інш. Мне яшчэ пашанцавала зафіксаваць некалькі такіх узораў, хоць ужо ў пасляваенныя часы гэтыя арыгінальныя ахоўна-дэкаратыўныя кампаненты сталі знікаць: яны ж не ахаваныя ад дажджоў так, як ліштвы. А калі хто ўзводзіў новы дом і адчуваў патрэбу ў наяўнасці «апошняга штрыха»  – мацаваў на стыку закрылін адзіночную стрэла- ці сэрцападобную фігурку, а то і пяціканцовую зорку.

 Вы нарадзіліся ў вёсцы Вечатарова Стаўбцоўскага раёна, раскажыце пра Ваша вясковае дзяцінства...

 — Было яно звычайным для большасці вясковай дзятвы пасляваенных часоў – вельмі нялёгкае, але помніцца толькі добрае. Гэта тэма асобнай размовы…

  Чым Вам запомніўся архітэктурны дэкор жылля ў Вашай вёсцы?

 — Родная вёска пасля вайны прыкметна перабудоўвалася, пры гэтым, відаць, не надта зважаючы на неабходнасць выразнага дэкору. У выніку, хоць гэта і не надта патрыятычна з майго боку, ніводнага ўзору архітэктурнага дэкору з роднай вёскі ў кнігу не трапіла. Але трапілі ўзоры дэкору з суседніх вёсак.

 У якім узросце Вы зацікавіліся беларускай народнай культурай і мастацтвам? Калі Вы сталі распрацоўваць менавіта тэму беларускага народнага архітэктурнага дэкору?

— Народнай мастацкай культурай я стаў цікавіцца яшчэ школьнікам. Але якіх-небудзь выданняў па традыцыйнай культуры беларусаў тады практычна не было, а значыць, нібыта і яе самой не было. Але змірыцца з тым, што беларус – толькі «пан сахі і касы», я не мог, што ўрэшце і прывяло мяне ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, дзе працую і сёння. Займаючыся (вось ужо амаль паўстагоддзя) даследчыцкай дзейнасцю на ніве беларускага народнага мастацтва і традыцыйных мастацкіх рамёстваў, не абыходзіў сваёй увагай і архітэктурны дэкор, па меры магчымасці згадваў яго ў сваіх ранейшых публікацыях і выданнях. Урэшце, матэрыялу сабралася дастаткова і для асобнай кнігі. Карыстаючыся выпадкам,  хачу падзякаваць выдавецтву «Беларусь», якое знаходзіць магчымасць у сучасных няпростых умовах выпускаць у свет яўна некамерцыйныя, але так патрэбныя выданні па розных відах культуры і мастацтва Беларусі.

      Я.М. Сахута на Брэсцкім абласным туры Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Г. Маларыта, 2019

 Скажыце, што можа зрабіць звычайны чалавек, каб дапамагчы захаваць для навукі ацалелыя ўзоры традыцыйнага архітэктурнага дэкору?

— Звычайны чалавек няхай хоць бы захавае традыцыйны дэкор на сваёй хаце, калі мяняе ў ёй вокны на шклопакеты ці абшывае сцены сайдынгам. Дарэчы, набыткі гэтага віду народнай мастацкай творчасці не толькі навуковая ці культуралагічная каштоўнасць, але і багаты матэрыял, які можна творча выкарыстоўваць пры ўзвядзенні, скажам, аграгарадкоў ці аграсядзіб. Набыткі народнай мастацкай культуры – неацэнны нацыянальны скарб, варты не толькі вывучэння і зберажэння, але і актыўнага ўключэння ў сучасныя культурныя працэсы.

Вялікі Вам дзякуй за ўвагу! Зычым Вам новых навуковых і творчых поспехаў!

                                                           Інтэрв’ю правяла Алеся Коршак

Книготорговое республиканское унитарное предприятие
Национальная библиотека Беларуси
Книжный магазин ОАО
Портал Президента
Министерство информации Республики Беларусь
УП
УП
ОАО
УП