Издательство «Беларусь»

"Беларусь" о Беларуси. История страны с 1921 года

Тел. +375 17 203 87 42
Тел. +375 17 203 93 23
Факс +375 17 203 89 51
belarusbook@tut.by

Минск, пр. Победителей, 11, этаж 7

У гэтым годзе выдавецтва «Беларусь» выпусціла два чарговыя тамы «Гербоўніка беларускай шляхты», які змяшчае радаводы шляхецкіх прозвішчаў у алфавітным парадку: шосты (літары «Е», «Ё» і «Ж») і сёмы (літары «З» і «І»). Шматтомнае выданне, распачатае ў 2002 годзе, было рэкамендавана да друку Вучоным саветам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) і разлічана не толькі на гісторыкаў-прафесіяналаў, але і на звычайных чытачоў, якія хочуць даследаваць сваю уласную генеалогію.

            

«Гербоўнік беларускай шляхты» ўключае радаводы шляхты пераважна Мінскай губерніі, складзеныя паводле матэрыялаў фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. Ён змяшчае даты нараджэння і смерці прадстаўнікоў родаў, іх месцы пражывання, роднасныя сувязі, валоданне маёмасцю, займанне пасад на дзяржаўнай ці прыватнай службе, удзел у гістарычных падзеях. Зборнік мае іменны і геаграфічны паказальнікі, а таксама ўтрымлівае агляд айчынных публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя.

З 2014 па 2018 гады ў выдавецтве «Беларусь» выйшлі трэці (літара «В»), чацвёрты (літара «Г») і пяты (літара «Д») тамы «Гербоўніка». Першы том (літара «А») быў выдадзены ў 2002 годзе, другі (літара «Б») – у 2007-м Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.

«Гербоўнік беларускай шляхты» карыстаецца вялікім попытам, а ў маркетынг выдавецтва «Беларусь» часта паступаюць званкі зацікаўленых чытачоў нават з-за межаў нашай краіны (напрыклад, з Расіі, Германіі).

Першыя два тамы ўжо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, тамы ж гербоўніка з трэцяга па пяты засталіся ў выдавецтве «Беларусь» у адзінкавых экзэмплярах і знайсці іх можна ўжо толькі ў магазінах сеткі «Белкніга» і бібліятэках. На дадзены момант у выдавецтве можна набыць без абмежаванняў толькі «свежыя» шосты і сёмы тамы.

Прапануем вам інтэрв’ю з кіраўніком групы супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якія з’яўляюцца аўтарамі «Гербоўніка беларускай шляхты» (Г. М. Мажэйка, Дз. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі, В. В. Урублеўскі), магістрам гістарычных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Яўгенам Станіслававічам Глінскім.


Яўген Глінскі

 ̶  Добры дзень, Яўген Станіслававіч! Як узнікла ідэя стварыць «Гербоўнік беларускай шляхты»?

̶  Добры дзень! Ідэя выдання «Гербоўніка» ўзнікла яшчэ ў другой палове 1990-х гг. Галоўным ініцыятарам і арганізатарам працы стаў вядомы даследчык, адзін з пачынальнікаў навуковых генеалагічных даследаванняў у Беларусі, кандыдат гістарычных навук Сяргей Рыбчонак. Ён арыентаваўся на ўзоры гербоўнікаў і генеалагічнай літаратуры, прапанаваныя пераважна польскімі даследчыкамі (Юзафам Вольфам, Канстанцінам Ажароўскім, Адамам Банецкім, Севярынам Урускім) у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Аднак са свайго боку ён распрацаваў уласную методыку напісання радаводаў, таксама акрэсліў поле крыніц, з якім мы працуем і зараз. Перш за ўсё, гэта матэрыялы, якія ўтварыліся ў выніку правядзення «разбору шляхты» ў ХІХ ст. і захоўваюцца ў фондах дваранскіх дэпутацкіх сходаў.

С. Рыбчонак быў першым кіраўніком аўтарскага калектыва, які падрыхтаваў да выданні першыя два тамы. Даследчую працу актыўна падтрымала тагачасны дырэктар архіва Ала Галубовіч. Увогуле ж, праз склад аўтарскага калектыва за гэты час прайшло каля дваццаці чалавек. Многія з іх – вядомыя сёння навукоўцы-даследчыкі. Напрыклад, Герман Брэгер – знаўца гісторыі і справаводства XVI–XVIII стст., асабліва гістарычнай Ашмяншчыны, кандыдат гістарычных навук Андрэй Латушкін – даследчык архіўнай справы Беларусі XVI–XX стст., кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў – намеснік дырэктара НГАБ і іншыя.

На працягу ўсяго часу выхаду «Гербоўніка» яго нязменным навуковым рэдактарам з’яўляецца доктар габілітаваны (польскі адпаведнік навуковай ступені «доктар навук»), прафесар Анджэй Рахуба – адзін з лепшых сучасных польскіх даследчыкаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVIII стст. і сапраўдны энцыклапедыст.
 

– Першы том гербоўніка выйшаў у 2002-м годзе, другі ў 2007-м, трэці толькі ў 2014-м: чаму атрымаліся такія вялікія прамежкі часу?

̶  Можна вылучыць некалькі асноўных прычын. Перш за ўсё, у гэтыя тамы ўвайшла даволі вялікая колькасць радаводаў (другі том змяшчае артыкулы пра роды з прозвішчамі на літару «Б» – гэта 320 пазіцый, у трэцім томе (літара «В») – 249 радаводаў). Таксама пры напісанні гэтых тамоў працягвалася ўдасканаленне канцэпцыі выдання.
Калі ў першым томе (літара «А») асноўны акцэнт рабіўся на гісторыі родаў у XVI–XVIII стст., то ў наступных тамах (асабліва, пачынаючы з трэцяга) пачала таксама апісвацца гісторыя асобных сямей у ХІХ – пачатку ХХ ст. Зразумела, што гэта павялічвала аб’ём працы, што ўплывала на хуткасць падрыхтоўкі выдання. Апрача таго, паміж выданнем другога і трэцяга тамоў фактычна цалкам змяніўся аўтарскі калектыў. Новым аўтарам патрэбны быў час для наладжвання працы, таксама яны прынеслі новыя ідэі і падыходы, якія не маглі быць хутка рэалізаваны.

̶  Кажуць, што ў архіве вельмі цяжка мэтанакіравана адшукаць інфармацыю, неабходныя часам гады. Наколькі цяжка рыхтаваць матэрыялы для аднаго тома?

– Так, архіўныя даследаванні патрабуюць шмат часу і вялікай прагі да росшукаў (якія часта не прыносяць плёну). Але паколькі праца па напісанні «Гербоўніка» добра наладжана і вядзецца ўжо не адзін год, мы, у цэлым, уяўляем, які матэрыял неабходна прыцягваць падчас напісання артыкулаў, на якія асаблівасці крыніц трэба звярнуць увагу. Гэта дазваляе эканоміць час.

– Што гэта за фонд Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, паводле матэрыялаў якога складзены радаводы, уключаныя ў «Гербоўнік беларускай шляхты»?

– У Расійскай імперыі шляхта (дваранства) павінна была пацвярджаць сваё высакароднае паходжанне. З другой паловы XVIII ст. падобнае пацвярджэнне ажыццяўлялася праз дваранскія дэпутацкія сходы (на тэрыторыі Беларусі яны былі ўтвораны ў канцы XVIII ст). У іх засядалі дэпутаты ад кожнага з паветаў, якія ўваходзілі ў адпаведную губерню. Дваранскія сходы разглядалі дакументы на шляхецтва, выносілі рашэнні прызнаваць ці не прызнаваць асобныя роды ў дваранскай годнасці.
Была яшчэ адна інстанцыя, больш высокая, якая разглядала пытанні аб належнасці родаў да дваранскага саслоўя ̶ гэта Герольдыя (Дэпартамент Герольдыі) пры Сенаце Расійскай імперыі. З 1831 г. усе роды, якія хацелі атрымаць правы на дваранства ў Расійскай імперыі, павінны былі спачатку атрымаць прызнанне ў губернскім дваранскім сходзе, а затым зацвярджэнне ў Герольдыі.

У Нацыянальным гістарычным архіве захоўваюцца фонды дваранскіх сходаў некалькіх губерняў – Беларускай (існавала ў 1796 – 1802 гг., затым яе тэрыторыя падзелена на Віцебскую і Магілёўскую губерні), Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай. Найлепш захаваліся матэрыялы Мінскага дваранскага дэпутацкага схода. На большасць родаў у ім заводзіліся папкі з дакументамі, якія цяпер з’яўляюцца асновай пры складанні «Гербоўніка беларускай шляхты». Таксама ў фондзе Мінскага дваранскага дэпутацкага схода знаходзяцца кнігі з пастановамі аб прызнанні ў дваранскай годнасці, спісы шляхты асобных паветаў і іншыя дакументы, звязаныя з гісторыяй высакароднага саслоўя ў канцы XVIII – пачатку XX ст

̶  Акрамя Вас, у напісанні «Гербоўніка» сёння бярэ ўдзел яшчэ шэраг даследчыкаў? Раскажыце крыху пра кожнага з іх.

̶  Пры напісанні шостага і сёмага тамоў былі задзейнічаны пяць даследчыкаў – супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Я, апрача напісання асобных радаводаў, адказваў за арганізацыю працы над выданнем і займаўся праверкай напісанага іншымі аўтарамі.