Издательство «Беларусь»

"Беларусь" о Беларуси. История страны с 1921 года

Тел. +375 17 203 87 42
Тел. +375 17 203 93 23
Факс +375 17 203 89 51
belarusbook@tut.by

Минск, пр. Победителей, 11, этаж 7

  

    Добры дзень, паважаныя чытачы выдавецтва «Беларусь»! Сёння мы прадстаўляем вам чарговае навукова-папулярнае выданне, прысвечанае Мірскаму замку – помніку дойлідства нацыянальнага і сусветнага ўзроўню, аднаму з нацыянальных сімвалаў незалежнай Рэспублікі Беларусь. Выхад кнігі прымеркаваны да 20-годдзя ўключэння славутага архітэктурнага аб’екта ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

   Выданне «Мір. Замак» уяўляе сабой калекцыю сучасных мастацкіх здымкаў, унікальных архіўных фотадакументальных крыніц (самая старая фатаграфія адносіцца да 1889 года) помніка архітэктуры XVI–XX стст. і населенага пункта, на тэрыторыі якога ён знаходзіцца. Унікальнасць кнігі ў тым, што ў ёй можна ўпершыню пабачыць здымкі Мірскага замка не толькі з архіваў і музеяў Беларусі, але і замежных краін.

   У выданні выкарыстаны фотаздымкі беларускага прафесійнага фатографа А. П. Дрыбаса, а таксама з архіваў выдавецтва «Чатыры чвэрці» (Мінск), музея «Замкавы комплекс «Мір», Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД), Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (ЛДГА), Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (ДА РФ), Іванаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея імя Д.Г. Бурыліна, фонда «Археалогія фотаздымка» (Рэспубліка Польшча), асабістага архіва супрацоўніка музея Н. В. Марэцкай.

   Адметнасцю кнігі «Мір. Замак» з’яўляецца і тое, што яна ўключае ў сябе шэраг парных фатаграфій, зробленых з аднаго і таго ж ракурса будынка, але ў розны час (старадаўнія і сучасныя). Тэкст і подпісы да ілюстрацый, змешчаных у выданні, пададзены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю са складальнікам кнігі «Мір. Замак» намеснікам дырэктара музея «Замкавы комплекс «Мір» Навіцкай Вольгай Васільеўнай.   

В.В. Навіцкая з кнігай «Мір. Замак» у сувенірнай краме Мірскага замка

— Добры дзень, Вольга Васільеўна! Віншуем Вас з выхадам кнігі! Скажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварыць выданне «Мір. Замак»?

 — Добры дзень. Дзякуй за віншаванні. Пачну з таго, што ідэю стварэння выдання, у якім сумяшчаліся б і старыя, і новыя фотаздымкі, нам падказалі самі турысты. У канцы 2019 года ў Мірскім замку праходзіла выстава пад назвай «Замак у часе», на якой былі прадстаўленыя фотаздымкі розных часоў з фондаў як беларускіх, так і замежных архіваў. Супрацоўнікі музея заўважылі, што наведвальнікі з неверагоднай цікавасцю іх разглядаюць. Менавіта гэта і падштурхнула да стварэння фотаальбома «Мір. Замак», у якім мы не толькі выйшлі за межы самога помніка архітэктуры, але і праніклі яшчэ на тэрыторыю мястэчка Мір, якое мае не менш цікавую гісторыю.

 — Колькі часу вялася праца над кнігай? На колькі складана было атрымаць архіўныя матэрыялы з замежжа?

 — Актыўная праца над кнігай пачалася са студзеня 2020 года. Ня гледзячы на тое, што на той момант у музеі была сабрана вялікая колькасць архіўных фотаздымкаў, неабходна было атрымаць дазвол на іх выкарыстанне. Прыемна, што ўсе ўстановы, у тым ліку і замежныя, адразу адгукнуліся на нашы лісты з просьбай дазволіць выкарыстаць у якасці галоўнага ілюстрацыйнага матэрыяла фотаздымкі з іх фондаў. Потым былі некалькі месяцаў напружанай працы, якая ўскладнялася эпідэміялагічнай абстаноўкай. Аднак вельмі прыемна, што ўсё ўдалося рэалізаваць з дапамогай супрацоўнікаў выдавецтва «Беларусь» і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

      

                                                                                                             Развароты кнігі «Мір. Замак». 2020

 —  Пералічыце некалькі самых унікальных фотаздымкаў з кнігі «Мір. Замак».

 —  На мой погляд, усе архіўныя фотаздымкі, якія мы ўключылі ў выданне, унікальныя. Напрыклад,  тыя, што з фондаў нашага музея – самыя раннія па датаванні. Фотаздымкі Соф’і Хамянтоўскай з польскага фонду «Археалогія фотаздымка» далі магчымасць уявіць, як выглядалі замкавыя пакоі пры апошніх уладальніках – князях Святаполк-Мірскіх. Не менш унікальны фотаматэрыял часоў Першай сусветнай вайны нам прадаставілі Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі і Іванаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей імя Д. Г. Бурыліна. Шмат цікавых фотаздымкаў, якія даюць уяўленне аб знешнім выглядзе Міра і Мірскага замка ў 1910–1990-я гады, былі прадастаўленыя Літоўскім дзяржаўным гістарычным архівам і такімі беларускімі архіўнымі ўстановамі, як БДАНТД, БДАМЛМ, БДАКФФД. Удвая прыемна, што ёсць у кнізе і фотаздымкі з асабістага сямейнага архіва супрацоўніка нашага музея Наталлі Марэцкай.

—  Якім чынам гэтыя фота некалі трапілі ў замежныя архівы і музеі?

 — Пачну з польскага фонду «Археалогія фотаздымка». Менавіта адтуль мы атрымалі фотаздымкі Соф’і Хамянтоўскай, якая з цікавасцю ў 1930-я гады здымала архітэктурныя аб’екты, перш за ўсё інтэр’еры палацаў. У 1936 годзе яна трапіла ў Мірскі замак. На той момант гаспадаром тут быў князь Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі. З яго дазволу вядомая фотамастачка зрабіла фотаздымкі, якія вярнуліся ў замак амаль праз стагоддзе ў выглядзе электронных версій. Вядома, што ў 1940-я гады Соф’я Хамянтоўская эмігравала ў Аргентыну. У 2010 годзе яе архіў негатываў быў дастаўлены ў Польшчу дзякуючы намаганням фонду «Археалогія фотаздымка», які з тых часоў працуе над гэтай калекцыяй.

    У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі знаходзіцца фонд генерал-маёра Уладзіміра Фёдаравіча Джункоўскага, у якім захоўваецца некалькі альбомаў фотаздымкаў, зробленых у 1916–1917 гадах на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў час ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны. Вядома, што Джункоўскі з 26 снежня 1915 года камандаваў брыгадай 8-й Сібірскай стралковай дывізіі, затым самой гэтай дывізіяй на Заходнім фронце, а мястэчка Мір з’яўлялася ў 1916 годзе месцам размяшчэння штаба. У альбомах Джункоўскага ёсць і тыя, якія былі зробленыя ў самім мястэчку Мір: паўразбураны Мірскі замак, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, палонныя аўстрыйцы ў цэнтры мястэчка на плошчы і шмат іншых.

    З перыядам Першай сусветнай вайны звязаныя і фотаздымкі, зробленыя ў Міры, з Іванаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея імя Д. Г. Бурыліна. Спытаеце, як яны туды трапілі? Усё вельмі проста. Іх зрабіў жыхар Іванава, афіцэр Барыс Мацвеевіч Мігачоў. Усю вайну ён прайшоў з фотаапаратам. Яму ўдалося зняць на плёнку вайну «знутры», пакінуўшы бясцэнны для нашчадкаў дар сведкі і ўдзельніка ваенных падзей. Фотаздымкі гэтыя ў літаральным сэнсе гістарычныя – пакінутыя ваенныя аб’екты, байцы, камандзіры, сцэны ваеннага побыту, сёстры міласэрнасці. Больш за тое, кожны са здымкаў мае дакладную даціроўку і тлумачальны надпіс. Вядома, што калекцыя трапіла ў Іванаўскі музей у 2018 годзе, а той нам прадаставіў электронныя варыянты здымкаў у добрай якасці.

    На жаль не вядома, якім чынам вялікая колькасць фотаздымкаў Міра і Мірскага замка трапіла ў Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. Аднак, дзякуючы беларускім гісторыкам, мы даведаліся, што здымкі ёсць у фондах гэтай установы, і прыклалі ўсе намаганні, каб іх атрымаць.

— Раскажыце, калі ласка, пра прынцып, паводле якога ў кнізе размешчаны фотаздымкі.

— Усе архіўныя фотаздымкі пастараліся размясціць у кнізе, перш за ўсё, у храналагічным парадку. Адразу прадставілі фота Мірскага замка і тых архітэктурных аб’ектаў, якія размешчаны на прылеглай тэрыторыі. Пасля гэтага, цэлым блокам размешчаны адзін за адным здымкі архітэктурных аб’ектаў самога Міра, а потым ізноў вярнуліся ў замак і пачалі з інтэр’ераў.  

   Сучасныя фотаздымкі ў кнізе пачынаюцца з дэманстрацыі выяў паселішча, якое мае шматвекавую гісторыю, затым быў зроблены плаўны пераход да аб’ектаў, размешчаных на замкавай тэрыторыі, а потым — да самога Мірскага замку і экспазіцыйных залаў музея.

 — Якія старонкі гісторыі Мірскага замка і мястэчка Мір удалося ўзнавіць дзякуючы замежным архівам? Ці застаюцца яшчэ ў ёй белыя плямы?

 — За апошнія дзесяцігоддзі, як ні дзіўна, давялося ўзнавіць вельмі шмат старонак у гісторыі Мірскага замка і мястэчка Мір. Шмат чаго новага выявілі навуковыя супрацоўнікі музея.

   Напрыклад, у далёкім 2008 годзе праз Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з Архіва знешняй палітыкі Расійскай Імперыі гісторыка-дакументальным дэпартаментам Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі былі прадастаўленыя ксеракопіі дакументаў па князю Міхаілу Мікалаевічу Святаполк-Мірскаму, аднаму з уладальнікаў Мірскага замка. Важная інфармацыя, якая тычыцца царквы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх, была атрымана пасля вывучэння 107 лістоў княгіні Клеапатры Міхайлаўны Святаполк-Мірскай, што захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Частка лістоў змяшчае ўвогуле звесткі, да гэтага невядомыя, аб маёнтку Замір’е: будаўніцтве сядзібнага дома, царквы-пахавальні і ўладкаванні прылеглай тэрыторыі, а таксама згадваюцца маёнткі, набытыя Святаполк-Мірскімі ў канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзяў.

   У жніўні мінулага года атрымалі комплекс дакументаў з архіва Інстытута Гувера, заснаваным пры Стэнфардскім універсітэце (ЗША). Дакументы, у асноўным, складаюцца з успамінаў Марыі Аляксандраўны Святаполк-Мірскай, жонкі князя Уладзіміра Мікалаевіча, пахаванага ў радавой царкве-пахавальні ў Міры.

    Акрамя гэтага, вялікі комплекс дакументаў па гісторыі роду князёў Вітгенштэйнаў і Гагенлоэ, якія былі ўладальнікамі Мірскага замка ў XIX стагоддзі, быў вывучаны В.М. Папко, былым дырэктарам музея, у Федэральным архіве Германіі ў Кобленцы.

    Праца па выяўленні дакументаў па Міры і Мірскаму замку ў замежных архівах не спыняецца. У тым годзе атрымалі сканіраваныя копіі з Галоўнага архіва старажытных актаў (AGAD) з Варшавы: рэестр гардэроба, які знаходзіўся ў Мірскім замку ў 1764 годзе, а таксама дакументы, якія тычацца сям’і арандатара Мірскага замка ў XIX стагоддзі В. Мілера.

    Навукова-даследчая работа ў музеі праводзіцца ў актыўным супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ініцыяваны музеем праект па навуковаму даследаванню роду Іллінічаў, першых уладальнікаў Мірскага замка, быў рэалізаваны навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі. У 2015 годзе музей заснаваў серыю пад назвай «Genus Albaruthenicum», першым выданнем якога стала калектыўная навуковая манаграфія Р.А. Аляхновіч, С.А. Рыбчонка, А.І. Шаланды «Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVI стст.: радавод, гербы, уладанні». Таксама супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі быў падрыхтаваны зборнік дакументаў і матэрыялаў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах па гісторыі мястэчка Мір, Мірскага замка і графства ў часы валодання імі князямі Радзівіламі (1568–1813). Зборнік быў выдадзены музеем у 2017 годзе. Дакументы і матэрыялы адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё тагачасных гаспадароў Міра, мясцовых жыхароў, стан Мірскага замка, а таксама палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурна-рэлігійныя працэсы ў мястэчку і графстве. Большасць дакументаў і матэрыялаў было ўпершыню ўведзена ў навуковы абарот.

 — Вольга Васільеўна, у якім ўзросце Вы даведаліся пра існаванне Мірскага замка? Ці марылі Вы працаваць у ім?

 — Пра існаванне Мірскага замка, як ні дзіўна, я ведала заўсёды, бо нарадзілася і вырасла ў Міры. Я – мясцовая жыхарка ў шостым пакаленні. З вокнаў хаты ў сваім дзяцінстве я кожны дзень бачыла замак. Якраз у той час у ім пачалі праводзіць рэстаўрацыйныя работы. У сам замак тады я не заходзіла, бо ведала, што нельга, а вось тэрыторыя вакол замка заўсёды была адкрытая для мясцовых жыхароў.

    У дзяцінстве я нават і не марыла аб тым, што буду працаваць у замку. Перш за ўсё, мне на той момант нават не верылася, што калісьці ў сценах сярэднявечнага будынка будзе музей, бо наперадзе да гэтага быў вельмі вялікі аб’ём работ.  

    

 

1 — На экскурсіі па выставе ваеннага касцюма «З Імператарскага гардэроба», прымеркаванай да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны з калекцыі Дзяржаўнага музея-запаведніка  «Царскае Сяло». Лістапад 2018 г.;

   Падчас перадачы французскіх веераў ручной работы ХIХ ст. у фонды музея «Замкавы комплекс «Мір» мецэнатам А. Данілавай. Кастрычнік 2019 г.

 

— З якога года Вы працуеце ў музеі? Якім чынам туды трапілі?

— У музей я прыйшла працаваць у чэрвені 2006 года на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. На той момант турысты маглі трапіць толькі ў адну Паўднёва-заходнюю вежу з шасцю экспазіцыйнымі заламі. У першы дзень сваёй працы я пайшла знаёміцца з экспазіцыяй і адразу была шакіраваная стромкімі лесвіцамі і высокімі прыступкамі. Я заўсёды з усмешкай узгадваю гэты дзень. Асабліва ўразіла лесвіца з трэцяга на чацвёрты ярус вежы. Мне тады здавалася, што яна ніколі не скончыцца. Падняўшыся на чацверты ярус, я нават страціла мову, бо ўбачыла, што ёсць яшчэ адзін паверх і трапіць туды таксама прыйдзецца па такіх жа высокіх прыступках. Аднак, нягледзячы вось на такі вельмі насычаны на ўражанні першы мой працоўны дзень, затрымалася ў замку, як бачыце, надоўга.

Калядны баль для дзяцей у Мірскім замку (В.В. Навіцкая — другая злева). Студзень 2014 г.

Ці не цяжка Вам кожны дзень хадзіць па высокіх прыступках замка?

— Як ні дзіўна, але хадзіць па высокіх каменных прыступках замка за столькі гадоў я навучылася добра. Зараз па высокіх каменных прыступках я падымаюся і спускаюся кожны дзень, бо мой працоўны кабінет размешчаны на другім паверсе адной з вежаў замка. Таму ўсё гэта ўспрымаю, як заняткі фітнесам.

 —  Назавіце Ваша любімае месца ці аб’ект у Міры і Мірскім замку?

 —  Самыя любімыя месцы ў Міры – гэта хата, у якой я жыла ў дзяцінстве, і кватэра, дзе я жыву зараз. А вось любімы аб’ект – гэта, канешне, замак! Кожны раз, калі гляджу на яго, то здзіўляюся, як яго маглі пабудаваць у тыя часы. Ён такі прыгожы і велічны!

 — Вы даўно праводзіце экскурсіі для наведвальнікаў Мірскага замку. У турыстаў з якіх краін Мірскі замак выклікае найбольшую эмацыйную рэакцыю?

— Найбольшую эмацыйную рэакцыю Мірскі замак выклікае ў тых турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй. І тут няма ніякай розніцы, з якой краіны яны прыехалі. Хаця замежных турыстаў супрацоўнікі музея навучыліся адразу вылучаць з усяго патоку. А вось заўсёды ўважліва слухаюць экскурсію турысты з такіх краін, як Расія, Польшча і Літва.

Экскурсія па музею «Замкавы комплекс «Мір» для намесніка Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях адукацыі Цянь Тана

(другі справа ў першым радзе). Май 2009 г.

Існуюць легенды пра падземны ход, які нібыта некалі злучаў Мірскі і Несвіжскі замкі, і пра дванаццаць адлітых з золата і срэбра статуй апосталаў у чалавечы рост... Скажыце, у наш час даследчыкі яшчэ спадзяюцца іх знайсці? Ці робіцца што-небудзь для гэтага?

 — Не выдае беларуская перліна сярэднявечча ўсіх сакрэтаў. Надзейна хавае падземны ход, які, паводле легенды, калісьці злучаў два замкі – Мірскі і Нясвіжскі. Сцвярджаюць, што па тунэлі даўжынёй у 30 км магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. На жаль, ніякіх слядоў гэтага падземнага ходу выяўлена не было, і дадзеная версія – дагэтуль неразгаданая таямніца.

   Праверкай легенды пра існаванне падземнага ходу, які звязваў паміж сабой Мір і Нясвіж, у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя займаўся навуковы кіраўнік па правядзенні рэстаўрацыйных работ у замку Дзмітрый Сямёнавіч Бубноўскі. Ён быў старшынёй камісіі па пошукавых работах. Звярнуліся за дапамогай да геалагічнай службы Беларусі, каб яна зрабіла зрэз зямлі паміж Нясвіжам і Мірам. Ніякіх тунэляў выяўлена не было. Аднак падземныя тунэлі былі знойдзеныя пад самім замкам і ў раёне пасёлка, але яны маюць лакальны характар без значных працягаў.

    А вось дванаццаць адлітых з золата і срэбра статуй апосталаў у чалавечы рост, мабыць, яшчэ трэба паспрабаваць пашукаць у Нясвіжы.

— На Ваш погляд, у якую пару года Мірскі замак самы прыгожы і найбольш выклікае  замілаванне?

—  Пабудаваны пяць стагоддзяў таму Мірскі замак у любую пару года прыгожы і па-свойму незвычайны. Асабліва, на мой погляд, ён незабыўны летам, калі блакітная роўнядзь возера і свежая зеляніна дрэў памнажаюць яго прывабнасць. Тварэнне рук нашых продкаў, замак у Міры ўвасабляе ў сабе іх талент, таму і мае выключную прыцягальную сілу.

— Ці верыце Вы ў легенды пра прывіды, якія ў народзе звязваюць з замкам?

 — Некалькі стагоддзяў тамуна беларускай зямлі было шмат прыгожых замкаў. Але ім не пашчасціла захавацца, яны былі знішчаныя. А Мірскі замак выстаяў і праз стагоддзі пранёс прыгажосць і магутнасць сваіх сцен. Дык хто ці што яго аберагае?

    Мабыць, менавіта пасля гэтага пытання якраз да месца расказаць легенду пра камень, які ўмураваны ў паўднёвую сцяну замка і нагадвае галаву барана. Паводле легенды, калі гэты камень зваліцца, Мірскі замак разбурыцца да падмуркаў і ніхто ніколі яго не адновіць. Магчыма, гэта магічны знак.  

    Паводле язычніцкіх вераванняў нашых продкаў, у пачатку будаўніцтва чарадзей здымаў мерку з галавы жывой істоты (у дадзеным выпадку з галавы барана), знаходзіў камень, абчэсваў па мерцы і ўмуроўваў у сцяну. Потым жывёла, пазбаўленая свайго ценю, памірала і станавілася прывідам, які павінен быў блукаць вакол замка і ахоўваць ад разнастайных ворагаў. А як вядома, у кожнай легендзе ёсць доля праўды.

—  Вялікі Вам дзякуй за інтэрв’ю! Зычым Вам далейшага плёну ў працы і новых творчых поспехаў!

                                                                                 Матэрыял падрыхтавала Алеся Коршак

Книготорговое республиканское унитарное предприятие
Национальная библиотека Беларуси
Книжный магазин ОАО
Портал Президента
Министерство информации Республики Беларусь
УП
УП
ОАО
УП