Издательство «Беларусь»

"Беларусь" о Беларуси. История страны с 1921 года

Тел. +375 17 203 87 42
Тел. +375 17 203 93 23
Факс +375 17 203 89 51
belarusbook@tut.by

Минск, пр. Победителей, 11, этаж 7

   Зусім нядаўна выдавецтва «Беларусь» выпусціла новы фотаальбом вядомага майстра мастацкай фатаграфіі Анатоля Клешчука на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Прапануем вам інтэрв’ю з фотажурналістам — аўтарам выдання «Пад небам Беларусі» (2019).

   Фотажурналіст Анатоль Кляшчук нарадзіўся 21 кастрычніка 1957 года на Случчыне Мінскай вобласці. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ (1986). Фотарэпарцёр старэйшай беларускай газеты «Звязда» (з 1993), загадчык аддзела фотаілюстрацый (з 2007). Адзін з заснавальнікаў і сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (з 2004). Аўтар шэрагу фотаальбомаў і праектаў. Аўтар фотавыставак, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (2006), штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Нью-Ёрк, 2001, 2006), Палацы Нацый  (Жэнева, 2003), будынку Еўрапарламента (Брусель, 2001, 2006), галерэі Willy-Brandt-Haus (2006) і  Бундэстагу (2011; абедзве – Берлін). Узнагароды: спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне журналістыкі (2001), званне «Лепшы фотамастак кнігі» на нацыянальных конкурсах «Мастацтва кнігі» (2009 і 2016), знак «Выдатнік друку Беларусі» (2012), Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2017) і Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2007).   

   Вокладка выдання

 

— Добры дзень, Анатоль! Віншуем Вас з новым цудоўным фотаальбомам, на старонках якога наша Беларусь уяўляецца казачнай краінай...

—  Добры дзень, шчыра дзякую за віншаванне! Казачная краіна?! Так яно і ёсць. У альбоме сканцэнтравана вялікая колькасць унікальных беларускіх краявідаў, знятых з лепшых ракурсаў!

—   Вы выдалі ўжо шэраг падобных выданняў, у тым ліку некалькі пад такой самай назвай (2003, 2005, 2007), як і гэта — «Пад небам Беларусі». Чым апошні фотаальбом (2019) падобны да папярэдніх і чым адрозніваецца ад іх?

— У першую чаргу, падобны назвай, колькасцю старонак, модулем пабудовы і раздзеламі, якія па-ранейшаму чаргуюцца ў адпаведнасці з порамі году. Гэта датычыцца падабенства. А вось наконт адрознення — тут шмат новага. Я імкнуўся зрабіць новы альбом. У кожным наступным выданні мяняў ілюстрацыі на вокладках, таксама і на старонках. У трэцім выданні (2007) быў напісаны новы ўступны тэкст. У гэтым і тэкст, і фатаграфіі, і вокладка, і нават эпіграф — усё новае!

   Хто памятае папярэднія альбомы «Пад небам Беларусі», напэўна, узгадаюць, што пад кожным здымкам была змешчана малюсенькая спрошчаная карта з абрысамі нашай краіны, і на ёй кропкамі было пазначана прыблізнае месца здымкаў. У той час гэта было своеасаблівае ноу-хау ў кніжным афармленні (дарэчы, гэтую манеру пазней убачыў і ў альбомах іншых аўтараў — відаць, перанялі!). Цяпер гэтай дызайнерскай «фішкі» няма і жадання яе паўтараць не ўзнікала.

    Гэтым разам пабудова размяшчэння фатаграфій на старонках і разваротах іншая: па-першае, з’явілася шмат вялікіх здымкаў, па-другое, здымкі часта ідуць пад абрэз.

   Альбом пачынаецца не з зімы, як было ў ранейшых, а з вясны, што цалкам лагічна: вясною абуджаецца прырода, нашыя продкі пачыналі год таксама ў гэту пару. Ва ўступным тэксце я падкрэсліў гэтую матывацыю, а таксама патлумачыў, чаму кожны раздзел альбома пачынаецца з дарожнага сюжэта: ва ўсе часы дарога застаецца асаблівым філасофскім сімвалам, з яе, дарогі, пачынаецца любое падарожжа і нават новы дзень...

    Яшчэ адно адрозненне: трэцяя мова — руская, бо альбом зацікавіў нашых усходніх суседзяў. Можна было б падумаць і пра нямецкую мову, і кітайскую. Спадзяюся, у наступных выданнях гэтую акалічнасць можна ўлічыць.

   Наконт фармата... Мне хацелася захаваць яго ранейшым, як кажуць, адзін у адзін, але па тэхналагічных прычынах альбом стаў вузейшы на два сантыметры і вышэйшы на паўсантыметра. Спадзяюся, гэта не адштурхне ад яго тых чытачоў, якія памятаюць папярэднія выданні.

Фатограф Анатоль Кляшчук падчас працы на возеры Сялява (Крупскі раён). Ліпень 2019 года. Фота з сямейнага архіва 

 

 —  Як доўга Вы працавалі над стварэннем гэтага фотаальбома?

 — І доўга, і зусім коратка. Як паглядзець! Мне паведамілі летась, што альбом запланаваны і што рукапіс і вёрстку неабходна здаць у вытворчасць ў канцы восені. Тэрмін неверагодна кароткі. Але ў маім архіве ўжо была назапашана дастатковая колькасць сюжэтаў ландшафтна-пейзажнай тэматыкі, і я спакойна ўзяўся за працу.

   Патлумачу, з часу выхаду апошняга альбома прайшло дванаццаць гадоў, але на працягу гэтага часу я па-ранейшаму вандраваў і здымаў, назіраў за прыродай, не стамляўся шукаць адметнае ў вясковых матывах. Прычым за гэты час, акрамя працы ў штодзёнай газеце «Звязда», я паспеў падрыхтаваць і іншыя альбомы — «Беларусь. Зямля Песняроў» (2012) і «Карагод беларускіх абрадаў» (2015; гл. фота ўнізе матэрыяла; абодва выйшлі ў выдавецтве «Беларусь»). Таму гэты альбом, можна сказаць, чакаў мяне, заставалася толькі сесці за камп’ютар і рабіць адбор, каб вызначыць 200 самых змястоўных і мастацкіх сюжэтаў, з якіх у альбом патрапілі толькі 115 (у ранейшых альбомах было змешчана па 140 фота).

   Складаней было з тэкстам. У сярэдзіне верасня я спецыяльна ўзяў адпачынак і з’ехаў у вёску, каб пабыць аднаму: спадзяваўся, што «спаткаю» натхненне (як жа без яго?), хуценька прыдумаю назвы пад фатаграфіямі і, як заўсёды ў гэты час, адпраўлюся на восеньскі фотапленэр. Але гэта былі толькі мары. «Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца» — гэта пра мяне.Толькі праз два тыдні я намацаў тэму і пачуў голас душы... Адным словам, палову кастрычніка і ўвесь лістапад-месяц я працаваў над тэкстамі і назвамі. Дзякуй літаратурнаму рэдактару выдавецва «Беларусь» Таццяне Мартыненка, якая далікатна выпраўляла мае памылкі і моўныя хібы, знаходзіла прыгожыя эпітэты і бліскучыя параўнанні. Супрацоўнічаць з Таццянай Рыгораўнай было сапраўднай асалодай!

    Гэтак жа магу сказаць і пра перакладчыцу тэксту на англійскую мову Алену Таболіч, якая тэхнічны пераклад ператварыла ў творчы працэс. І пра дызайнера Алену Бужынскую — мастака з выключным бачаннем і цудоўным густам, і пра мастацкага рэдактара Віктара Загародняга, адказнага за падрыхтоўку ілюстрацый да друку. А таксама і пра іншых супрацоўнікаў — тэхнічнага рэдактара Святлану Печанёву і карэктара Алесю Даўгушову, дзякуючы якім альбом своечасова патрапіў у друкарню

                                           

       Рэдактар выдання Таццяна Мартыненка і перакладчыца Алена Таболіч падчас абмеркавання фотаальбома «Пад небам Беларусі» А. Клешчука (2019)

       Таццяна Мартыненка: «Праца над новым фотаальбомам Анатоля Клешчука для мяне як рэдактара была надзвычай цікавай і прыемнай. Я мела магчымасць першай увайсці ў чароўны навакольны свет, адчуць свежую эмоцыю. Фотаздымкі з гэтага альбома радуюць вока і грэюць душу, яны раскрываюць бачныя нямногім таямніцы прыроды, напоўнены любасцю да  ўсяго роднага, жывой  энергетыкай аўтара, шчыра захопленага тым, што ён робіць.  У асобе майстра мяне найбольш уражваюць яго чалавекалюбства, імкненне да дасканаласці і бездакорнасці ва ўсім. Словы падзякі Анатолю Клешчуку за плённае і прыемнае супрацоўніцтва!» 

 

 — Ілюстрацыі ў Вашым фотаальбоме размеркаваны па порах года, а якая Ваша самая любімая пара? А ў якую найбольш складана фатаграфаваць?

—  Няпростае пытанне. Любімая пара тая, у якой жыву зараз! Усё залежыць ад стану надвор’я і ад стану душы. Вядома, бываюць вельмі маляўнічыя станы, а бываюць і зусім «ніякія», як сёлетняя зіма.

    Восень чаруе сваімі незвычайнымі фарбамі (дзякуй богу, што Беларусь знаходзіцца ва ўмераным кліматычным поясе). У вясны свая непаўторная пара квецені. І залатая восень, і майскія «шлюбныя» сады — сапраўдны цуд нашай прыроды. Злавіць імгненні, калі прырода шыкуе і адкрываецца ва ўсёй сваёй красе, — вялікая ўдача для фотамастака (без удачы ў нашай справе не абысціся).

   І ўсё-такі, калі ў восеньскай прыгажосці падсвядома адчуваеш сум развітання і настальгію аб мінулых днях, мяне адольвае журботны стан. Іншы настрой увесну: ты поўны сіл, цябе радуе ўсё навокал, усё бачыцца ў светлых фарбах! Таму больш за ўсё чакаю вясновую пару.

    Наконт складанасці... Хутчэй гэта датычыцца зімы з моцнымі маразамі. Перажываеш, каб не замерзла і не сапсавалася фотаапаратура, каб раніцай завёўся аўтамабіль. Пільна і асцярожна крочыш, каб не трапіць у якую палонку на рэчцы альбо на балоце ці іншую небяспеку. У нас зіма па-ранейшаму асацыюецца з экстрэмальнай парой. І калі летам можна пераначаваць на беразе возера ці ракі ў палатцы альбо ў аўтамабіле, зімою гэтага лепш не рабіць.

—  Ва ўступным артыкуле Вы ўзгадваеце сваё дзяцінства на рацэ Случ, што на Случчыне, і прызнаецеся гэтым мясцінам у вялікай любові. Што характэрна для краявідаў гэтага рэгіёна?

— Для кожнага куток маленства самы дарагі, і ўспаміны пра яго грэюць сэрца і душу ўсё жыццё. І кожны мой аднагодак гэта пацвердзіць!

    Случчына — край раўнінны, пераважаюць вялікія палеткі, лясныя масівы толькі на поўначы і на ўсходзе раёна. Няма гэткіх пагоркаў, як на Лагойчшыне, і азёраў, як на Браслаўшчыне, але свая прыгажосць і адметнасць ёсць. Жоўтыя рапсавыя палі вясною, хлебныя бяскрайнія палі летам, утульныя дагледжаныя вёскі, захаваная культавая архітэктура — заўсёды. Яны таксама радуюць вока.

    На жаль, майго любімага куточка на беразе Случы ўжо не знойдзеш, бо побач пабудаваны жылы мікрараён для сям’яў ваенаслужачых, да таго ж і меліярацыя  зрабіла сваю справу і «пясчанка» памяняла сваё аблічча. Так і хочацца сказаць: «Няма таго, што раньш было!» Але ў маёй памяці, у маіх уяўленнях рэчка дзяцінства па-ранейшаму жыве і красуе.  

Рака Случ на тэрыторыі  Жыткавіцкага раёна. Май 2017 года. Фота з сямейнага архіва А.Клешчука

 

— Назавіце яшчэ Вашы любімыя мясціны ў Беларусі?

— Першае, што прыходзіць на памяць — азёры паміж пагоркаў — Браслаўшчына, люстэркі балотных азярын у заказніку «Ельня», лагойскія і ўшацкія крутагор’і, пойменныя прасторы Прыпяцкага Палесся, падковы руслаў Нёмана і Бярэзіны. А яшчэ люблю наведваць радзівілаў Нясвіж у час залатой восені, пастаяць пад мурамі Мірскага і Навагрудскага замкаў. Наогул, шмат цудоўных мясцін, дзе мне заўсёды хораша і спакойна, куды хочацца вяртацца.

 — Вы шмат падарожнічаеце і пішаце, што адкрываць Беларусь можна бясконца... А ці ёсць яшчэ беларускія куткі, якія застаюцца для Вас пакуль яшчэ загадкай?

— Абраўшы лёс прафесіянальнага фатографа, я цяпер амаль заўсёды ў дарозе, у вандроўках. За трыцаць год, праведзеных у пагонях за незвычайнымі здымкамі, мне давялося аб’ездзіць амаль усю Беларусь і ўбачыць мноства славутых мясцін і помнікаў. Але я не ўсё яшчэ пабачыў...

     Хацеў бы адкрыць для сябе таямніцу Альманскіх балот (Столінскі раён) і балотны масіў Званец (Драгічынскі і Кобрынскі раёны), даследаваць ландшафтную разнастайнаць у Мядзельскім, Астравецкім раёнах, убачыць абрысы невялікіх палеткаў на поўначы Беларусі, адчуць непаўторную атмасферу самабытных мястэчак Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, яшчэ раз пабыць на абрывістых берагах Дняпра на Гомельшчыне, знайсці і адчуць энергетыку сакральных месцаў...

— Анатоль, некаторыя з Вашых фатаграфій падаюцца сапраўды казачнымі... Як Вы «палюеце» на такія сюжэты? Вы выбіраеце дні здымак у адпаведнае надвор’е ці Вам нехта падказвае такія дзіўныя мясціны?

— Ніякіх сакрэтаў тут няма. Па-першае, надвор’е павінна быць адпаведнае, маляўнічае, нечаканае. Асноўны сродак для стварэння фатаграфіі — святло, пры  дапамозе якога можна прыгожа перадаць аб’ём, перспектыву, танальнасць, фактуру — найважнейшыя складнікі для настраёвага і эмацыянальнага ўспрыняцця фатаграфічнага твора. Вельмі важная і рэакцыя самога фатографа — не ўпусціць адзінае і каштоўнае імгненне, бо часам сітуацыі ўзнікаюць нечакана, трэба заўсёды быць напагатове. Можна цэлы дзень прачакаць так званага «вырашальнага» моманту, увіхацца над кампазіцыяй і, у рэшце рэшт, нічога не «ўпаляваць», не зрабіць аніводнага выдатнага кадра, а іншы раз выйдзеш з пад’езда — і нá табе! — такая прыгажосць навокал! З вопытам прыходзіць чуццё, і ты ведаеш, куды пайсці, на што скіраваць свой погляд, на чым засяродзіцца. Адны фатографы кажуць, што гэта не што іншае, як інтуіцыя, іншыя сцвярджаюць, што трэба слухаюць сваё сэрца...

— Заўважна, што многія Вашы фотаздымкі зроблены з вялікай вышыні. Якім чынам Вам гэта ўдаецца? І на якія крайнія меры Вам прыйшлося ісці, каб здабыць эфектны кадр?

 — Калі ёсць магчымаць убачыць зямлю зверху, я імкнуся яе выкарыстаць. Напрыклад, было адно такое месца: на высокім беразе ракі ўзвышалася старая воданапорная вежа, з якой адкрываліся цудоўныя далягляды і на само рэчышча, і на поймы, і на вёску. Я час ад часу туды прыяджаў (130 км ад Мінска), узлазіў па стромкай лесвіцы на самы верх і ад шчасця быў на сёмым небе. Але такіх кропак, на жаль, у нас мала. Таму прыходзілася здымаць з мотадэльтаплана, раней — з верталёта альбо самалёта. Цяпер мне дапамагае маленькі квадракоптар. Але я не надта ўжываю гэтую тэхнічную штуковіну, каб не пераходзіць межы прыстойнасці і не быць пошлым (надта шмат ахвочых развялося здымаць з дрона).

   А вось наконт крайніх мер, дык тут узгадваю адну прыгоду. Аднойчы, напрыканцы сакавіка, я запланаваў зняць цецеруковае такавішча на далёкім балоце ў Віцебскай вобласці. Якраз у тым годзе была вялікая паводка. Апоўначы адправіўся за тры кіламетры (каб паспець да ўсходу сонца) па багністай сцяжыне да затопленай кладкі (а гэта было бярозавае бервяно), каб перабрацца на другі бераг невялікай рачулкі. Нарэшце дайшоў да рэчкі, знайшоў месца пераправы, намацаў ботамі бервяно і стаў пераходзіць. І вось тут здарылася самае неспадзяванае: літаральна дзесяць-пятнаццаць сантыметраў не хапіла, каб дацягнуцца ботам да кромкі берага... Кладка калыхнулася і выслізнула з-пад ног, і я апынуўся па шыю ў халоднай вадзе пад... начнымі зорамі. Так, безвынікова, закончылася спроба здабыць эфектны кадр. Вядома, крыўдна было, але ўдача ўсё-такі была на маім баку: я не пашкодзіў дарагую фотаапаратуру!

Затопленая пойма Дняпра. А. Кляшчук. Ілюстрацыя з фотаальбома «Пад небам Беларусі» (2019)

 

— Мне асабліва спадабаўся фотаздымак «Затопленая пойма Дняпра». Хто жыве на гэтым адзінокім хутары на невялікіх кавалках зямлі каля лесу ў атачэнні вады? Мне падаецца, што гэта нібыта на краі света... Падзяліцеся з намі гісторыяй з’яўлення гэтага кадра...

— На жаль, гісторыю гэтага хутара я не ведаю. Увесну 2013-га Дняпро выйшаў са сваіх берагоў і заліў поймы ад Магілёва да Рагачова. Прыйшлося прасіць знаёмых дэльтапланерыстаў палётаць над разлівамі. Віды адкрываліся дзівосныя нават з зямлі, а што ўжо казаць пра неба... Падняўшыся ў паветра, я ўбачыў малюнак незатопленай выспачкі з самотным хутарам, якога не заўважыў з берага. Пазней, разглядаючы здымак, прыйшоў да высновы, што на фота — пакінуты хутар, які ў летні сезон выкарыстоўваецца пад кашару — адкрыты загон для жывёльнага статка.

— Калі глядзіш на фота «Краскі чэрвеня» з палявымі кветкамі, то нібы выпадаеш з сучаснасці, мітусні, гарадскога тлуму жыцця і адчуваеш душэўную раўнавагу, рэлаксацыю... Так і хочацца трапіць на гэты луг... Вы прыглядаецеся да прыроды не толькі здаля і з вышыні, але і вельмі блізка, з увагай да дробных дэталяў... Мяне ўразіла таксама фота «Дзьмухаўцовыя «выкрутасы»... Цікава, дзе Вы іх такімі ўбачылі?

Дакладна магу сказаць: у Шаркаўшчынскім раёне. Мы з прыяцелем паехалі здымаць лісіную нару з лісянятамі. Каля прасёлка стаяла леташняя сцірта саломы, на якую вырашылі ўзлесці і паназіраць за жывёламі. Вось тут я і адкрыў гэтыя дзіўныя дзьмухаўцы. Дагэтуль не разумею, як яны такімі ўдаліся.

Дзьмухаўцовыя «выкрутасы». А. Кляшчук. Ілюстрацыя з фотаальбома «Пад небам Беларусі» (2019)

 

— Уражвае фантастычны загадкавы краявід з царквой у тумане на фотаздымку «Над ранішнім туманам. Горад Дзісна»... Як вы «злавілі» гэты кадр?

 — Здымак даўні. Звычайна на пачатку жніўня ў беларускай прыродзе назіраюцца ранішнія туманы, асабліва ў тых мясцінах, дзе побач рака, возера, твань, багністае месца. Горад Дзісна месціцца якраз паблізу вады — паміж рэкамі Дзвіной і Дзіснай. У адну прыгожую сонечную раніцу мне пашчасціла апынуцца ў гэтым месцы і палятаць на дэльтаплане над туманамі, якія ахуталі старажытны горад. Праз залаціста-ружовыя воблакі выглядвала царква, і мне хацелася, каб на гэты тумановы абрус клаліся цені ад купалоў і дрэваў. Шмат разоў здымаў, каб знайсці  патрэбны ракурс.

 Над ранішнім туманам. Горад Дзісна. А. Кляшчук. Ілюстрацыя з фотаальбома «Пад небам Беларусі» (2019)

 

— Мне вельмі падабаюцца краявіды, знятыя з вышыні птушынага палёту... Калі спачатку падаецца, што бачыш нейкія ўзоры ці арнамент, і толькі потым, прыгледзеўшыся, пачынаеш адрозніваць лес, поле і іншыя прыродныя аб’екты...  Як Вы змаглі зрабіць цудоўны панарамны здымак прыпяцкіх пойм, якія на фота нагадваюць шыкоўны аксамітны дыван з зеляніны і сіняй вады?

— У свой час я часта рабіў фотарэпартажы пра пажарныя экіпажы паветранай службы «Беллесавія», пра тое, як яны шукаюць і ліквідуюць ачагі ўзгаранняў. Мне дазвалялі лятаць з назіральнікамі і дэсантнікамі на верталётах і самалётах, пераадольваючы вялікія адлегласці ў пошуках лясных пажараў. Неаднойчы маршрут авіяпатруля пралягаў над Прыпяццю і была цудоўная магчымаць убачыць і здымаць сапраўдную жамчужыну нашай прыроды  —  Палессе. Гэты здымак, пра які Вы ўзгадваеце, быў зроблены ў канцы мая — пачатку чэрвеня паміж столінскімі Альшанамі і Верасніцай, што ў Жыткавіцкім раёне.   

Прыпяцкія поймы. А. Кляшчук. Ілюстрацыя з фотаальбома «Пад небам Беларусі» (2019)

 

— Як доўга Вы высочваеце ў лесе жывёл? Як удалося зрабіць кадры «Ваўчынае паляванне на лася» і «Прадчуванне вясны», на якім вельмі блізка выяўлены зубр?

  — Здымкі жывёл — асаблівы занятак, цікавы, але не кожны фатограф пагаджаецца цярпліва чакаць дзеля рэдкага кадра. Тым больш для гэтага трэба ведаць звычкі жывёл і птушак, арэалы іх гнездавання альбо пражывання, мець адмысловую фотаапаратуру, умець хавацца і «своечасова» націснуць на кнопку.

    Здымкі жывой прыроды нагадваюць здымкі спорта: часцяком адно ўдала злоўленае імгненне прыносіць не толькі задавальненне ад творчага працэсу, але дае ацэнку табе, як прафесіяналу, узнагароджвае за шматдзённыя пакуты, выпрабаванні і цярпенне. Кадр «Ваўчынае паляванне на лася» атрымаўся незапланавана, у час фотасафары на цецеруковым такавішчы.

    Я сядзеў у схованцы, чакаў узыхода сонца, калі ранішнія промні асвецяць балотную выспу, на якой пачыналася вясенняе такавішча: дзясятак вялікіх чорна-маціцовых птушак «высвятлялі» свае адносіны. У нейкі момант цецерукі спынілі бойкі і разляцеліся ў розныя бакі, магчыма, адчулі небяспеку...

   Так яно і здарылася: з бліжэйшага лесу набліжалася ваўчыная пара. Неўзабаве драпежнікі спыніліся, сталі ўслухоўвацца ў цяжкія «хлюпанні» па вадзе. І сапраўды, праз імгненне з балотнага чароту «намаляваўся» малады лось. Убачыўшы ваўкоў, сахаты, не марудзячы, кінуўся на ўцёкі, за ім наўздагон кінуліся і шэрыя, пачаўся пераслед... Кульмінацыю гэтай падзеі я так і не пабачыў: імгненна жывёлы зніклі з поля зроку. Усё-такі я паспеў зрабіць кадр, хоць і адзіны...

   Напрыканцы зімы мне давялося здымаць у Чарнобыльскай зоне, на тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка. Пабыць ва ўнікальным кутку дзікай прыроды і не наведаць падкормачную пляцоўку для зуброў — недаравальна. У халодны час зубрыны статак трымаецца непадалёку ад духмянага сенавала, там можна наблізіцца і палюбавацца ляснымі волатамі. Звычайна ў канцы лютага, адчуваючы набліжэнне вясны, у беларускіх бізонаў пачынаецца лінька і жывёлы з асалодаю «чухаюцца»  —  вычэсваюць старую поўсць аб камлі дрэў, карчы і пні. У той раз і я стаў сведкам зубрынага зімова-вясенняга «марафета».

Ваўчынае паляванне на лася. А. Кляшчук. Ілюстрацыя з фотаальбома «Пад небам Беларусі» (2019)

 

— Вы маглі б абазначыць «формулу» Вашага творчага стылю? Чым яна адрозніваецца ад стылю іншых беларускіх фатографаў, якія таксама фатаграфуюць прыроду?

 — Такое адчуванне, што ўва мне «суіснуюць» тры фатографы, са сваімі характарамі і норавамі! Першы фатограф любіць вольны прастор, шырокія панарамы і далягляды. Другому фатографу імпануюць нюансы і дэталі, якія надаюць здымкам экспрэсію. Трэці цэніць падзеі, тэатр дзеянняў і дыялогі прадметаў і аб’ектаў, каб падкрэсліць унутраную дынаміку і драматызм. Мая задача сумясціць філасофіі і жаданні ўсіх гэтых «творцаў», памірыць, знайсці кансэнсус. А ўсё гэта для таго, каб выразна і наглядна фіксаваць эмоцыі, якія я адчуваю і перажываю ў дадзены момант, і каб простаю моваю данесці іх да іншых. Магчыма, гэта і ёсць формула майго творчага стылю.

    У вырашэнні творчых задач прытрымліваюся даўно заведзеных правілаў. Па-першае, шукаю новыя і цікавыя матывы, незаезджаныя ракурсы. Свядома не хаджу па сцяжынам, якімі прайшлі іншыя фатографы, намагаюся пранікнуцца каларытам і духам мясцовасці і ўбачыць у ёй непаўторнасць і эстэтыку. Па-другое, аддаю перавагу «жалезнаму» рэалізму і дакументалізму і ніякім фоташопам. Мне не ўласціва ствараць здымак наўмысна прыгожым альбо надта яркім, бо я не стаўлю мэту рабіць ілюстрацыі для гламурных выданняў. Па-трэцяе, уласціваць майго почырка – акрэсленая і неперагружаная кампазіцыя, але з сэнсавым акцэнтам. Часта гэтым акцэнтам становяцца танальныя нюансы, гульня колераў, графіка і кантрасты сюжэтных ліній. Прычым мяне не цікавяць эфекты дзеля эфектаў, ракурсы дзеля ракурсаў, а вабіць глыбіня сутнасці і сацыяльнасць краявіда альбо пейзажу, якія часта дасягаюцца пры дапамозе фатаграфічных эпітэтаў  —  натуральнага святла і прыродных фарбаў.

У задуменні на Прыпяці. Май 2018 года. Фота з сямейнага архіва А.Клешчука

 

 —  Анатоль, у Вас было шмат выставак у іншых краінах... Якую рэакцыю выклікаюць беларускія краявіды ў замежнікаў?

— Многія замежнікі не толькі не бачылі, а наогул не чулі пра нашу краіну. Прынамсі, гэта было гадоў пятнаццаць таму (дарэчы, даўно не быў у замежжы).

    Калі я ўпершыню дэманстраваў свой фотапраект «Трагедыя і прыгажосць Беларусі» за межамі Бацькаўшчыны, многія наведвальнікі здзіўлена казалі, што ўпершыню бачаць дзікую (хай сабе і на фатаграфіях) прыроду ў цэнтры Еўропы. Чуць гэта мне было вельмі нязвыкла і ў той жа час прыемна. Іх захапляла веліч нашых лясоў, некранутых балот, люстэркі азёраў і стужкі рэк, жывёльны свет...  Можна спрачацца пра тое, якая краіна прыгажэйшая ці дзе захавалася больш помнікаў архітэктуры, але тое, што наша прырода — сапраўдны скарб і візітоўка Беларусі, — бясспрэчна!

—   Дзякуй Вам вялікі за інтэрв’ю і за Вашу натхняльную творчасць! Ад усёй душы зычым Вам далейшых поспехаў!

—  Дзякуй і Вам за добрыя словы, а таксама выдавецтву «Беларусь» за шматгадовы інтарэс да маёй творчасці і за плённы вынік у рэалізацыі альбомных праектаў!

                                         Інтэрв’ю правяла вядучы рэдактар Алеся Коршак

 

Фотаальбом «Карагод беларускіх абрадаў» А. Клешчука. 2015

 

 

  

Книготорговое республиканское унитарное предприятие
Национальная библиотека Беларуси
Книжный магазин ОАО
Портал Президента
Министерство информации Республики Беларусь
УП
УП
ОАО
УП