Издательство «Беларусь»

"Беларусь" о Беларуси. История страны с 1921 года

Тел. +375 17 203 87 42
Тел. +375 17 203 93 23
Факс +375 17 203 89 51
belarusbook@tut.by

Минск, пр. Победителей, 11, этаж 7

 

    У выдавецтве «Беларусь» выйшлі дзве цікавыя кнігі для чытачоў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту — «Беларускія народныя святы для дзяцей» (2018) і «Беларуская міфалогія для дзяцей» (2018).

    Першае выданне распавядае пра ўнікальны свет беларускіх язычніцкіх і хрысціянскіх народных святаў, а другое прыадкрывае таямніцы ўяўленняў старажытных беларусаў пра навакольны свет, прыродныя з’явы, розныя аб’екты і прадметы, расказвае пра магічныя дзеянні, якімі нашы продкі спрабавалі ўплываць на сваё жыццё і лёс, пра спосабы варажбы, прадказання надвор’я і будучыні. Кнігі будуць карыснымі не толькі дзецям, але і іх бацькам, настаўнікам і ўсім тым, хто цікавіцца старажытнай культурай Беларусі.

   

    Паколькі ў хуткім часе беларусы будуць святкаваць адно з самых яркіх і загадкавых народных святаў — Купалле, многім бацькам захочацца распавесці аб ім і звязаных з ім чароўных з’явах сваім дзеткам, таму мы прапануем вам знайсці неабходную інфармацыю ў гэтых двух выданнях.

    Важна адзначыць, што акрамя агульнавядомых легенд і фактаў кнігі «Беларускія народныя святы для дзяцей» і «Беларуская міфалогія для дзяцей» утрымліваюць і звесткі, малавядомыя шырокаму колу чытачоў. Складзеныя паводле навуковых прац сучасных даследчыкаў беларускага народнага фальклору і культуры, выданні напісаны больш спрошчанай і набліжанай да дзяцей мове. Абедзве кнігі маюць вялікую колькасць ілюстрацый, якія адрозніваюцца пазітыўным настроем і дабрынёй.

    Прадстаўлем вашай увазе інтэрв’ю з мастаком-ілюстратарам кніг «Беларускія народныя святы для дзяцей» і «Беларуская міфалогія для дзяцей» — Людмілай Уладзіміраўнай Галубец.

    

                     Людміла Уладзіміраўна Галубец

 

 — Добры дзень, паважаная Людміла Уладзіміраўна! Што Вы адчулі, пабачыўшы ўпершыню гэтыя свае яркія прыгожыя кніжкі?

— Для мяне гэта было як «дзіва дзіўнае»! (усміхаецца) Шмат гадоў я малявала толькі эпізадычна… І кожны вопыт, калі мне ўдаецца аформіць кнігу, становіцца для мяне вельмі хвалюючым, радасным і незабыўным! Дарэчы, гэткая ўдача мяне напаткала толькі ў сталым узросце…

    Некалі я сапраўды марыла быць менавіта мастаком, аднак лёс вырашыў за мяне па-іншаму: большую частку жыцця я працавала настаўнікам малявання, чарчэння і тэхнічнай працы і таму, паўтаруся, што выхад кожнай кнігі, якую я ілюстравала, гэта як сапраўдны доўгачаканы падарунак лёсу…

    Я вельмі ўдзячная выдавецтву «Беларусь» за супрацоўніцтва і яго актыўную дзейнасць па захаванню традыцыйнай беларускай культуры, якую я вельмі люблю. Выражаю падзяку ўсяму калектыву спецылістаў, якія дапамагалі рыхтаваць кнігі «Беларуская міфалогія для дзяцей» і «Беларускія народныя святы для дзяцей». Мяне вельмі ўразіла мастацкае афармленне выданняў і тое, як іх дызайнер Алена Бужынская ўдала падкрэсліла мае малюнкі на вокладках. Мне гэта нагадала работу ювеліра, які апрацоўвае камень, а потым падкрэслівае яго прыгажосць аправай…

    

           Папараць-кветка. Ілюстрацыя з кнігі «Беларуская міфалогія для дзяцей».  Мастак Л.У. Галубец

 

— Як Вам працавалася над кнігамі «Беларускія народныя святы для дзяцей» і «Беларуская міфалогія для дзяцей»?

— Мне працавалася вельмі цікава! Чытаючы тэксты, я знайшла шмат новага, чаго я раней увогуле ніколі не чула. Напрыклад, у кнізе пра святы я даведалася, што ёсць такія святы як Саракі, Камаедзіца, Багач… У кнізе пра міфы я ўвогуле пашырыла свой кругагляд пра ўяўленні старажытных беларусаў аб свеце…

    Я лічу, што гэта вельмі добрыя кнігі для нашага часу, калі цэніцца хуткасць… Інфармацыя ў іх пададзена невялікімі тэкстамі, гэта вельмі зручна. Кнігі падыйдуць і для дзіцячага садка, і для школы… Ёсць што прачытаць, ёсць што паказаць…

— Мне здаецца, што Вашы малюнкі проста наскрозь прасякнуты духам беларускай народнай культуры… Вашаму творчаму стылю вельмі пасуе маляваць усё беларускае: прыроду, этнаграфічныя прадметы, фальклорныя матывы, сцэны з жыцця вёскі… Калі Вы зацікавіліся гэтай тэматыкай?

 — Гэта тэма цікавіла мяне заўсёды, з майго дзяцінства. Кожнае лета, ад яго пачатку і да канца, я праводзіла ў маіх бабулі і дзеда, Марылі Маркаўны і Міколы Самуілавіча Зылёў, у вёсцы Чарнава Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці (дарэчы, прозвішча Зыль, адно з вельмі папулярных у Чэрвеньскім раёне). Гэта вёска стала лепшай часткай майго дзяцінства… Усе хаткі, печачкі, дрэўцы, птушачкі, народнае адзенне і побытавыя рэчы — літаральна ўсё я бачыла там на ўласныя вочы… Памятаю сябе маленькую на выгане, каля сажалкі, каля балота, а таксама сярод курачак, гусачак, каровак, свінак і прыгожых раслінак…

  Хутка ў нашай краіне будзе святкавацца Купалле. Ці святкавалі яго Вы? І што дапамагло Вам распрацаваць для абедзвюх кніг такія казачныя і чароўныя купальскія вобразы?

— Так, мне здаралася бываць на шматлюдных вясёлых купальскіх святкаваннях у Чыжоўцы (у Мінску) і ў Заслаўі (невялікі гарадок ля Мінска)… У Чарнаве таксама заўсёды святкавалі Купалле. Сёння для мяне яно асацыюецца хутчэй з зорным небам, вогнішчамі то тут, то там ды галасамі моладзі ў далечыні. Калі знаходзішся на вёсцы, неба падаецца глыбейшым — як чароўны акіян над галавой, які нібыта плыве над вёскай, а зоркі — ярчэйшымі, не такімі, як у горадзе; купальскія ж вогнішчы ўвечары як чароўныя кветкі…

     А яшчэ я ў дзяцінстве вельмі любіла чытаць казкі і марыць. Лежачы на траве перад бабулінай хатай у добрае надвор’е я глядзела на аблокі, бачыла ў іх казачных жывёл, птушак ды персанажаў, напрыклад, фей... Пад кожным дрэвам, ягадным кусцікам, цыбуляй ці бураком мне ўяўляўся дзівосны свет, у якім бегалі яшчаркі, мурашкі, скакалі жабкі… Я любіла глядзець на затопленую дажджавой вадой траву, тады здавалася, што ў ёй утваралася казачнае падводнае царства... А яшчэ лепш было, калі ў гэтай лужыне плавалі нейкія казуркі... Оооо! Як было цікава! І ўвесь свет у вёсцы мне падаваўся казачным! (усміхаецца)

    Памятаю, аднойчы мы з маім братам Вовай налавілі трытонаў на балоце ў Чарнаве, якое знаходзілася недалёка ад чарнаўскіх могілак і тагачаснай кузні. Загадкавыя «жывёлінкі» былі цёмна-зялёнага і карычневага колераў. Мы запусцілі іх у бляшанку і такім чынам зрабілі такі своеасаблівы акварыум. Пасля кідалі туды расліны, лісце і сачылі за гэтай прыгажосцю «падводнага свету».

   Крыху пазней, недалёка каля дзедавай хаты, у вёсцы зрабілі пілараму. Там часта ляжала вялікае бярвенне, якое чакала апрацоўкі, і калі яго падымалі, то пад імі можна было ўбачыць прыгожых яшчарак, мноства муравейчыкаў і розных жучкоў. Гэта было здорава!

   Яшчэ мы хадзілі на рэчку на Зосін Луг. Трэба было спусціцца з пагорка, на якім была Чарнава, прайсці праз лес і тады пачынаўся Зосін Луг, на якім лётала шмат прыгожых чорна-ізумрудных стракозак і рознакаляровых матылькоў, якія зіхацелі на сонцы. Там быў і цудоўны беражок ракі з празрыстай вадой і драўляным мастком, праз які мы хадзілі ў ягады і грыбы, была крынічка з чысцюткай вадой… З гэтай жа ракі (Уша)  у  наш час бяруць ваду ў Мінск. Сёння яна ўжо нашмат вузей, чым у часы майго дзяцінства… Яна была прыгожай, шырокай, я нахілялася над ракой, глядзела ў празрыстую-празрыстую ваду і бачыла прыгожых рыбак — акунькоў з чырвонымі вочкамі, карасікаў…Усё было бачна наскрозь — дно, каменьчыкі, водарасці…

   Усе гэтае хараство, убачанае ў дзяцінстве, тым ці іншым чынам дапамагло мне ў стварэнні чароўных вобразаў для кніг.

   

                                                              Купалле. Ілюстрацыя з кнігі «Беларускія народныя святы для дзяцей». Мастак Л.У. Галубец

 

— Купалле  Ваша любімае народнае свята?

— Я люблю ўсе народныя святы: Каляды, Масленіцу, Купалле і іншыя… Але Купалле мне падабаецца менавіта сваёй загадкавасцю і мноствам казачных міфаў. Я люблю маляваць прыгожых русалак, рэчку, зеляніну, кветкі: жоўтыя і белыя гарлачыкі …

— На мой погляд, адным з самых эфектных малюнкаў у кнізе «Беларуская народная міфалогія для дзяцей» з’яўляецца выява беларускай традыцыйнай хаты, выкананая на цэлы разварот (акрамя знешняга выгляду ў выданні ёсць і яе інтэр’ер). Ці быў у гэтага малюнка прататып?

 —  Канечне, натхненне для яго мне далі ўспаміны пра хатку маіх бабулі і дзядулі, якія засталіся са мной на заўсёды… Закрыўшы вочы, я магу ўспомніць там амаль што ўсё: і стары куфар, і лаўкі, і печку з прыпечкам…

    Памятаю старажытную дзядуліну лазню: яе тапілі «па-чорнаму», гэта значыць, што печка была выкладзена з камення пасярод збудавання, а калі яго награвалі, то дым выходзіў наўпрост праз дзверы… Памятаю цудоўны пах гэтай лазні, ён быў непадобны ні на адзін з сучасных пахаў….

          

                                                                     Беларуская хата. Ілюстрацыя з кнігі «Беларуская міфалогія для дзяцей». Мастак Л.У. Галубец

 

   А што ў гаспадарцы вашых бабулі і дзядулі Вам падавалася казачным?

— Дзядуля вырошчваў шмат буракоў, а мы з братам залазілі ў іх і гулялі там у хованкі, бо бурачнае лісце вырастала досыць высокае. Яшчэ падавалася казачным, калі капалі бульбу і раптам знаходзілі ў баразне ці бульбінку дзіўнай формы (падобную на звера ці птушку), ці ружовага колеру (гэта значыць іншага сорту, якая магла выпадкова трапіцца паміж звычаных жоўтых). Такія дзіўныя бульбачкі старэйшыя заўсёды аддавалі на пацеху дзецям…

    З іншай гародніні ў нас раслі морква, агуркі, гарбузы, з дрэў —яблыні, слівы, вішні, рабіна... Асабліва мне запомніліся ліпы, бо дзед Мікола разводзіў пчол. Мікола Зыль і яго сваякі былі добрымі пчалярамі. Некалі ён нават з’ездзіў у Сібір (Цюхцецкі раён) да свайго брата Барыса і прывёз адтуль узімку ў скрыні  за пазухай пчалу-матку.

    Бабуля і дзядуля трымалі кароў, свіней, гусей, кур… Памятаю, што неяк на мяне, школьніцу малодшых класаў, не ведаю чаго, напаў певень — аж на плечы  ўскочыў! Я так перапужалася! (смяецца)

    У вёсцы было вельмі шмат ластавак. Калі мы бачылі ў Чарнаве, як над ёй ляцеў бусел, то мы, дзеці, крычалі так: «Бусел, бусел — пень і калода? Што заўтра будзе? Дождж ці пагода?» Лічылася, калі ён у гэты час махаў крыламі, то гэта значыла дождж, а калі ляцеў амаль нерухома, то — добрае сонечнае надвор’е.

    Я вельмі любіла назіраць за коньмі. Раней у Чарнаве была маленькая  стайня. Коні гулялі проста на выгане перад дзядулінай хатай. Пасліся карычневыя, чорныя моцныя коні. Яны былі са спутанымі нагамі, прыгалі так, што аж зямля дрыжэла ад іх масы... А яшчэ я каталася на свінках! (смяецца) Я падкрадвалася ціхенька і ўскоквала на іх, а яны былі нязгодныя — моцна вішчалі! Вырываліся з віскам ды ўцякалі!

    Некалі ў мяне была бела-карычневая гусачка. Я яе вельмі любіла, карміла, дапамагала ёй у гняздзечку папраўляць саломку, а яна мне паказвала дзюбай, як гэта лепш зрабіць. Я бачыла і як яна сядзела на яйках.

     Мы часта хадзілі ў лес, за рэчку, за Зосін луг, у грыбы... Памятаю цудоўны пах гэтых грыбоў. Усё у маім вясковым дзяцінстве здавалася мне казкай! Памятаю, як маці вучыла мяне вызначаць «наш грыб ці ня наш»: трэба было паспрабаваць яго на язык – калі горкі — то гэта атрутны і браць яго не трэба... Калі мы, малыя, у кошыках прыносілі грыбы дамоў, то яна абавязкова такім чынам «тэсціравала» ўсе нашы «здабыткі»... Я вельмі любіла хадзіць у лес з дзедам, я ішла побач з ім і бегала за матылькамі, а ён пасмейваўся па-добраму з мяне. Мы збіралі тады звычайна падасінавікі,  абабкі, баравікі, лісічкі, апяты, сыраежкі і смешныя грыбы-«бародкі». На жаль, гэты лес быў амаль поўнасцю вынішчаны падчас летняга ўрагану 2016 года. Тады Чэрвеньскі і Смалявіцкі раёны Мінскай вобласці пацярпелі ад гэтага стыхійнага бедства больш за ўсе іншыя рэгіёны Беларусі.

­­— Якая легенда ці міф Вас найбольш уразілі ў кнізе «Беларуская міфалогія для дзяцей»?

­­­­— Я не магу выдзяліць нешта адно. Бо кожны міф — гэта кавалачак таго жыцця, што мне пашчасціла крыху захапіць, кожны артыкул – гэта як вакенца ў той час, калі жылі мае продкі. Яны дазваляюць рэканструяваць мой свет дзяцінства яшчэ і яшчэ крыху. Кожны міф каштоўны для мяне па-свойму, бо дапамагае мне больш зразумець маіх продкаў...

      Дарэчы, дзеці таксама схільныя міфалагізаваць усё навокал. За кожным прадметам, які я бачыла ў дзяцінстве, нібыта хавалася нейкая таямніца, нейкая казка, паўсюль бачыліся чароўныя істоты: за кожным дрэвам ці кустом мроіўся лесавічок, а змеі падаваліся чароўнымі царэўнамі... ва ўсім бачыўся  вялікі цуд... Мы света яшчэ не ведалі, а нібыта дамалёўвалі яго ў сваім уяўленні.

         Пакланенне валунам. Ілюстрацыя з кнігі «Беларуская міфалогія для дзяцей». Мастак Л.У. Галубец

 

У якім узросце Вы зразумелі, што любіце маляваць? Як сталі гэтаму вучыцца?

— У нашым дзяцінстве было вельмі мала фарбаў ці алоўкаў, тады было не так, як сёння... Нас ніхто не вучыў маляваць… Але яскрава памятаю, як я ўпершыню намалявала лясную прыгажуню-русалку каля вады...

    Затым я малявала ў школе... Увогуле я вырасла каля людзей, якія шмат чаго рабілі рукамі: маці шыла і вязала карункі, мая бабуля Марыля ткала, вышывала і шыла, у тым ліку вельмі прыгожыя посцілкі з рознакаляровых ласкутоў... Дзед быў добрым майстрам. Ён рабіў шапікі, услончыкі, шпакоўні і гэтак далей. Мой бацька ўмеў сам падшыць абутак. У тыя часы прылаўкі былі скудныя, у крамах амаль нічога не было, людзі шмат чаго рабілі сваімі рукамі… Адсюль і пайшло развіццё майго майстэрства рукамі… І мой творчы інтэлект таксама пачаў развівацца з рукамі.

— Вы скончылі ў 1975 годзе Мінскую мастацкую вучэльню імя А. К. Глебава. Як Вы туды трапілі?

— Можна сказаць, што гэта было выпадкова, але, думаю, што гэта быў мой лёс (усміхаецца)… Перад мастацкай вучэльняй, я пачула, што ёсць такая ізастудыя… Трэба сказаць, што мая маці (яе звалі Зыль Інеса Мікалаеўна) запісала мяне спачатку на баян. Яна сама добра грала на гармоніку і баяне, была самадзейным музыкантам: яна сама навучылася граць на іх, нават без нот, проста «на гук». Яе вельмі любілі людзі і часта запрашалі на свае сямейныя святы, нават у аддаленыя куткі Беларусі… Некалі мой дзед Мікола яе бацька, перажыўшы жахі Вялікай Айчыннай вайны, прадаў адзіную ў гаспадарцы карову, каб набыць гармонік, бо музыка тады лічылася адзіным выратаваннем ад горкіх успамінаў. Дарэчы, кажучы пра ваеннае ліхалецце, мой другі дзед — Марка Клімавіч Дзяркач у 1943 годзе быў застрэлены фашыстамі, калі паспрабаваў выратаваць сваю хату ад спальвання. Гэта было таксама ў Чарнаве.

    Аднак стаць яшчэ адным музыкантам у сям’і мне было не наканавана… Для мяне заняткі музыкай былі толькі пакутамі: я не разумела сальфеджыа, я не любіла хор... І, нарэшце, кінула туды хадзіць…

    Калі аднойчы я праходзіла міма студыі выяўленчага мастацтва, убачыўшы ў вокнах прыгожыя дзіцячыя малюнкі, я папрасіла маму, каб яна мяне туды завяла. Памятаю, як маці разам з бацькам завялі мяне туды за рукі. Я была ўжо школьніцай сярэдніх класаў.

    Пасля адзін хлопец-сусед Толік, калі мы сустрэліся з ім каля пад’езду, даведаўшыся, што я хаджу маляваць, сказаў, што ў газеце бачыў аб’яву мастацкай вучэльні аб наборы навучэнцаў. Я так узрадавалася, паехала туды, вытрымала экзамены і з задавальненнем пачала вучыцца…

          

       Навучэнцы чацвёртага курса Мінскай мастацткай вучэльні імя А.К. Глебава. Людміла Галубец  у цэнтры (абведзена колцам). 1974. Ілюстрацыя з кнігі «Шлях у мастацтва» (выдавецтва «Беларусь», 2017).

     

   Людміла Уладзіміраўна, якія ў Вас засталіся ўражанні ад навучання там? Хто запомніўся з выкладчыкаў Мінскай мастацкай вучэльні?

 —  Мне было тады 15 гадоў. Мне спадабалася там усё: мноства малюнкаў, карцін… Усе выкладчыкі былі добрымі, кожны стараўся па-свойму ўплываць на навучэнцаў. Нашай класнай была вельмі добрая жанчына — Генрыета Станіславаўна Лісоўская, якая таксама вяла ўрокі чарчэння. У маёй групе выкладалі Альгерд Адамавіч Малішэўскі, Віктар Мацвеевіч Варламаў, Васіль Фёдаравіч Ярмоленка, Леанід Васільевіч Лапчынскі; малюнак выкладаў Леанід Паўлавіч Дубар, фізіку — Святлана Мікалаеўна Шчамялёва. Вельмі добрай і прыгожай настаўніцай, якая нагадвала мне свецкую даму, мне запомнілася Фрына Львоўна Лейтман, якая вяла ў нас гісторыю мастацтваў. Яшчэ мне падабалася творчая атмасфера вучэльні. Як навучэнцы афармлялі сваімі вырабамі святочныя вечарыны: нехта рабіў плакаты, малюнкі, нехта падвесныя ўпрыгажэнні, кветкі і многае іншае.

  Якой тэме была прысвечана Ваша дыпломная работа?

—  Канечне ж, мой дыплом быў навеяны народным мастацтвам і маёй маці. Там былі музыкі ў беларускіх нацыянальных касцюмах, жанчына грала на гармоніку, а вакол быў сад у квецені.

— Вы ўсё жыццё працавалі настаўнікам?

  Безумоўна, спачатку я, як і многія іншыя выпускнікі мастацкай вучэльні, марыла быць сапраўдным мастаком, але лёс прывёў мяне менавіта ў настаўнікі… Канечне, спачатку гэта было для мяне досыць складана… Яшчэ некалькі гадоў я працавала на МАЗе мастаком-афарміцелем. Я малявала там плакаты, выразала трафарэты для машын.

    Так, амаль усё жыццё я працавала настаўнікам малявання і чарчэння ў мінскай гімназіі № 25. Паколькі я ўмела займацца некаторымі плотніцкімі работамі, напрыклад, піліць лобзікам, то мне даверылі быць і настаўнікам тэхнічнай працы ў хлопчыкаў: мы выраблялі з імі шпакоўні, драўляных птушак, жывёл, танкі, робатаў і гэтак далей.

 

                            Л.У. Галубец з адной са сваіх работ у гімназіі №25 г. Мінска. 2014

 

Я ведаю, што Вы не толькі ілюструеце кнігі… Чым яшчэ Вы займаецеся ці займаліся?

— Я заўсёды любіла шыць, вышываць, рабіць розныя сувеніры з тканіны: анёлкаў, рыцараў, лялек у нацыянальных касцюмах, штучныя кветкі, значкі з вышыўкай, прыгожыя дэкаратыўныя свечкі (сама выплаўляла з воску аб’ёмныя кветкі для іх і пасыпала залатой пудрай), падарункавыя куфэркі і шмат чаго іншага. 

    Раней я з задавальненнем удзельнічала і ў пленэрах маляванага дывана, якія арганізоўвалі кіраўнікі Творчага грамадскага аб’яднання «Мастак» мастацтвазнавец Таццяна Георгіеўна Гаранская і мастак Віктар Пятровіч Маркавец у Заслаўі.

                          Л.У. Галубец на пленэры маляванага дывана ў Заслаўі. 2006

  

Як вопытны педагог і чалавек, якую жыццёвую параду Вы маглі б даць дзецям?

—  Што б я хацела ім сказаць? Лепш увогуле моладзі, новым пакаленням… Даражэнькія, калі раптам у вашым жыцці сустрэліся нейкія складанасці ці непрыемнасці, ніколі не адчайвайцеся і не здавайцеся, караскайцеся да лепшага ў любых абставінах!

               Аўтар матэрыялу — вядучы рэдактар Алеся Коршак

                                                             

 

 

                                                                             Купальскі вянок. Ілюстрацыя з кнігі «Беларускія святы для дзяцей». Мастак Л.У. Галубец

 

 

 

Книготорговое республиканское унитарное предприятие
Национальная библиотека Беларуси
Книжный магазин ОАО
Портал Президента
Министерство информации Республики Беларусь
УП
УП
ОАО
УП